БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Вільні. Існаваў у 1916—20 пад старшынствам І.Луцкевіча. У клубе наладжваліся бел. вечарынкі (1-я 17.9.1916) са спектаклямі, дэкламацыяй, музыкай, танцамі. Спектаклі ставіла Беларуская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Паказаны п’есы Аляхновіча «Калісь», «Бутрым Няміра», «Чорт і баба», «На вёсцы», «На Антокалі», «Базілішак», а таксама «Антось Лата» Я.Коласа, «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Мядзведзь» А.Чэхава. Ладзілі ў клубе і вечары для дзяцей. Драм. гурток т-ва «Золак» бел. дзіцячага прытулку паставіў невял. п’есу са спевамі «Перахітрылі» С.Корф, 25.12.1917 паказаў батлейку. Месціўся клуб у розных памяшканнях горада.
т. 2, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)